Брэсцкая крэпасць — святыня Беларусі
Беларусь – краіна, у якой я нарадзіла і жыву. З ёй звязаны ўсе самыя яскравыя пачуцці ў маім жыцці.
…Мне пяць год. Гэта ўзрост, калі маленькі чалавек ужо можа асэнсоўваць сваё жыццё. Можа не ў поўным сэнсе, як дарослы, але можа. Я з бацькамі еду ў Брэсцкую крэпасць. Мая маці расказвала мне аб сваіх дзіцячых уражаннях, якія ў яе склаліся пасля першага наведвання гэтага галоўнага мемарыяла мужнасці нашай краіны, аб уражаннях, якімі папаўнялася яе памяць пасля чарговага наведвання крэпасці. Я слухала, запамінала, але душа мая маўчала. Памятаю, доўгі шлях да Брэста, маё жаданне паспаць, і крыўду на бацькоў, што шлях такі доўгі. І вось яна, Брэсцкая крэпасць. Не ўсё запомніла, не ўсё зразумела ў мой першы візіт у святыню Беларусі. Але вялікая скульптура «Смага» мяне ўразіла настолькі, што я вырашыла дапамагчы стомленаму байцу, які спрабабаваў дапаўзці да ракі, каб набраць вады для параненых і дзяцей. Я папрасіла бацьку, каб ён дапамог мне выліць ваду з бутэлькі герою ў яго каску…
Экскурсавод расказала аб тым, што ў першыя дні вайны ў крэпасці быў пашкоджаны вадаправод, і шмат байцоў загінула, спрабуючы дабрацца да ракі, каб набраць вады для параненых, жанчын і дзяцей. Пазіцыі да ракі фашысты абстрэльвалі без перапынку. Людзі ішлі на смерць з надзеяй дапамагчы тым, хто апынуўся ў палоне крэпасці без ежы і вады.
Цяжка апісаць словамі эмоцыі, якія я адчула ў той момант, калі чула аповед экскурсавода каля гэтага помніка мужнасці. Пазней я яшчэ чатыры разы была ў Брэсцкай крэпасці, бо для мяне гэты помнік мужнасці абаронцаў стаў галоўным у жыцці. Кожны раз я вылівала ваду ў каску мужнаму салдату, які цаной асабістага жыцця імкнуўся дапамагчы людзям, што апынуліся ў фашысцкай пастцы.
Як вядома, Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Фашысты атакавалі Заходнія рубяжы Савецкага саюза ў 4 гадзіны раніцы. Па планах ворага крэпасць павінна была здацца ўжо ў дванаццаць гадзін таго ж дня. Але яе абаронцы трымаліся больш за месяц! Апошняга абаронца маёра Гаўрылава немцы знішчылі толькі на 32-гі дзень.
Мяне ўразіў той факт, што 17 000 фашыстам супрацьстаялі 9 000 абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Іх штодня амаль без перапынку палівалі дажджом з куль і снарадаў, але яны стаялі насмерць. Калі арганізаваная абарона стала немагчымай, разрозненыя групы салдат змагаліся да апошняга. Адзін з іх напісаў на сцяне Брэсцкай крэпасці: «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!»
Я ўжо дарослая. Мне хутка споўніцца 17 год. Але Брэсцкая крэпасць з’яўляецца асноўнай святыняй ў маім жыцці. І колькі разоў я яшчэ там буду, я абавязкова прынясу з сабой бутэльку вады, каб дапамагчы тым, хто ў чэрвені 1941 года пісаў старонкі мужнасці маёй любімай краіны.
Аляксандра КАЛІНОЎСКАЯ