Сайт о жизни молодёжи г. Бобруйска

Скульптура «Смага» мяне уразіла больш за ўсё

Беларусь – краіна, у якой я нарадзіла і жыву. З ёй звязаны ўсе самыя яскравыя пачуцці ў маім жыцці.

…Мне пяць год. Гэта ўзрост, калі маленькі чалавек ужо можа асэнсоўваць сваё жыццё. Можа не ў поўным сэнсе, як дарослы, але можа. Я  з бацькамі еду ў Брэсцкую крэпасць. Мая маці расказвала мне аб сваіх дзіцячых уражаннях, якія ў яе склаліся пасля першага наведвання  гэтага галоўнага мемарыяла мужнасці нашай краіны, аб уражаннях, якімі папаўнялася яе памяць пасля чарговага  наведвання крэпасці.  Я слухала, запамінала, але душа мая маўчала. Памятаю, доўгі шлях да Брэста, маё жаданне паспаць, і крыўду на бацькоў, што шлях такі доўгі. І вось яна, Брэсцкая крэпасць. Не ўсё запомніла, не ўсё зразумела ў мой  першы візіт у святыню Беларусі. Але вялікая скульптура «Смага» мяне ўразіла настолькі, што я рашыла дапамагчы стомленаму байцу, які  спрабабаваў  дапаўзці да ракі, каб набраць вады для параненых і дзяцей. Я папрасіла бацьку, каб ён дапамог мне выліць ваду  з бутэлькі герою ў яго каску…

Экскурсавод расказала аб тым, што ў першыя дні вайны ў крэпасці быў пашкоджаны вадаправод,  і шмат байцоў загінула, спрабуючы дабрацца да ракі, каб набраць вады для параненых, жанчын і дзяцей. Пазіцыі да ракі фашысты абстрэльвалі без перапынку. Людзі  ішлі на смерць з надзеяй дапамагчы тым, хто апынуўся ў палоне крэпасці без ежы і вады.

Цяжка апісаць словамі эмоцыі, якія  я адчула ў той момант, калі чула аповед экскурсавода каля гэтага помніка  мужнасці. Пазней я яшчэ чатыры разы была ў Брэсцкай крэпасці, бо для мяне гэты помнік мужнасці абаронцаў стаў галоўным у жыцці. Кожны  раз  я вылівала ваду ў каску  мужнаму салдату, які цаной асабістага жыцця імкнуўся дапамагчы людзям, што апынуліся  ў фашысцкай пастцы.

Як вядома, Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Фашысты атакавалі Заходнія рубяжы Савецкага саюза ў 4 гадзіны раніцы.  Па плане ворагу  крэпасць павінна была здацца ўжо ў дванаццаць гадзін  таго ж дня. Але яе абаронцы трымаліся больш за месяц! Апошняга абаронца  маёра Гаўрылава немцы знішчылі толькі на 32-гі дзень.

Мяне ўразіў той факт, што 17 000 фашыстам супрацьстаялі  9 000 абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Іх штодня амаль без перапынку  палівалі дажджом з куль і снарадаў, але яны  стаялі насмерць. Калі арганізаваная абарона стала немагчымай, разрозненыя групы салдат змагаліся да апошняга.  Адзін з іх напісаў на сцяне Брэсцкай крэпасці: «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!»

Я ўжо дарослая. Мне хутка споўніцца 18 год. Але Брэсцкая крэпасць з’яўляецца асноўнай святыняй ў маім жыцці. І колькі разоў я яшчэ там  буду, я абавязкова прынясу з сабой бутэльку вады, каб дапамагчы тым, хто ў чэрвені 1941 года пісаў старонкі мужнасці маёй любімай краіны.

Елізавета ПАДАЛЯК

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

ПОДЕЛИТЬСЯ С ДРУЗЬЯМИ:

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ:

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: