Шпацыр па горадзе
Беларускі Бабруйск — гэта ўкраінская Адэса, і калі нехта распавядае пра бабруйскае жыццё, дык усе чакаюць нечага незвычайнага, нязвычнага.
У.Някляеў . Анатацыя да кнігі Эдуарда Мельнікава “Вяртанне ў Бабруйск. Хронікісавецкай паўсядзённасці”
Пачалося ўсё вось з гэтай фатаграфіі – абвесткі, якую даслала класны кіраўнік і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна.
Зацікавіла мяне тут усё: што такое крэатыўная прастора “1387”, што гэта за курсы “Мова нанова”, хто такі Алег Красны? Ідучы на шпацыр, мела мэту знайсці адказы на гэтыя пытанні.
Неўзабаве даведалася, што тайм-клуб, антыкафэ — новы фармат публічных устаноў, дзе можна і адпачываць, і працаваць, а таксама абзавесціся новымі знаёмствамі, бо кожны чалавек цікавы і непаўторны, як новая кніга. У нашым горадзе мае назву «1387», таму што Бабруйск упершыню ўпамінаецца 28 красавіка 1387 года ў грамаце вялікага князя літоўскага Ягайлы. Вы можаце тут гуляць у настольныя і ролевыя гульні, мець зносіны з сябрамі, наведваць разнастайныя семінары, майстар-класы і трэнінгі, атрымліваць асалоду ад паэтычных і акустычных вечароў, глядзець кіно і танцаваць.
У «1387» збіраюцца людзі з рознымі інтарэсамі, рознага ўзросту і рознага роду дзейнасці: у любым выпадку, там вас прымуць з распасцёртымі абдымкамі. Адзін з фарматаў тайм-клуба — нефармальныя курсы беларускай мовы “Мова нанова”. Нашы заняткі і былі прагулкай па горадзе з Алегам Красным, які з’яўляецца намеснікам старшыні бабруйскай іўдзейскай рэлігійнай абшчыны, экс-кіраўніком гарадской яўрэйскай абшчыны, краязнаўцам, аўтарам серыі лекцый па гісторыі Бабруйска і яўрэйскай гісторыі Беларусі.
Нашай адпраўной кропкай і стала крэатыўная прастора “1387”.
Уся група і я адчулі, як асабліва прыемна блукаць па старэнькіх вулачках: у адвечных пабудовах захоўваецца прыгажосць і непаўторнасць любога горада. Тут забываецца мітуслівасць жыцця, а душой адчуваеш толькі спакой і радасць.
І ўсё роўна, турыст вы ці мясцовы жыхар. Бо часам так абвыкаеш да роднага горада, што ўжо не заўважаеш усю яго магутнасць і веліч. Вядома, расказаць адразу пра ўсе вабноты багатага славутасцямі горада не атрымаецца — прыйдзецца напісаць не адну і нават не дзве тэматычныя кнігі… Таму я паспрабую прыцягнуць Вашу ўвагу толькі невялікай часткай Бабруйска: пры жаданні вы з лёгкасцю зможаце асабіста пабываць ва ўсіх згаданых мною месцах за адзін толькі дзень.
Непадалёк ад тайм-клуба мы пачулі ад нашага экскурсавода аповед пра шматлікія некалі бабруйскія сінагогі. Канец 19-га – пачатак 20-га стагоддзяў – час росквіту бабруйскай габрэйскай абшчыны. Габрэі шылі вопратку, займаліся гандлем сельскагаспадарчай прадукцыі, сплавам лесу. У той час Бабруйск лічыўся адным з найважнейшых цэнтраў габрэйскага рэлігійнага жыцця на беларускіх землях. У ім выдавалася яўрэйская рэлігійная літаратура (выдавецтва Я. К. Гінзбурга аж да 1928 года друкавала малітоўнікі і рэлігійныя працы). У 1917 годзе ў Бабруйску было 42 дзеючыя сінагогі. Сёння захавалася каля дзесяці будынкаў былых сінагог.
“Страшным для габрэяў і многіх іншых бабруйчан, ды і ўсёй Беларусі, стаў час Вялікай Айчыннай вайны. Горад нямецкія захопнікі акупавалі 28 чэрвеня 1941 года. Неўзабаве яны стварылі ў ім два гета, вязнямі якіх апынуліся 20 тысяч прадстаўнікоў яўрэйскага народа. Нямецкія нацысты і іх мясцовыя памагатыя знішчылі ў той час каля 3,5 тысяч людзей яўрэйскай нацыянальнасці. Восенню 1941 года за два вераснёўскія дні нацысты расстралялі 20 тысяч бабруйскіх габрэяў. Некаторыя вязні гета ўсё ж такі збеглі да партызанаў,” — з болем апавядаў Алег Валер’евіч. З такім жа смуткам слухалі і мы пра гэтую жахлівую старонку гісторыі.
Мясцовыя жыхары ніколі не павінны забываць лістапад 1941 года, калі нацысты расстралялі яшчэ больш за 14 тысяч бабруйчан-яўрэяў. У памяць аб ахвярах недалёка ад горада быў узведзены мемарыяльны комплекс (у вёсцы Каменка).
Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны зноў пачалося перасяленне яўрэяў у Бабруйск, колькасць іх паступова расла. У 1959 годзе ў Бабруйску ўжо жыло каля 16 тысяч «асоб яўрэйскай нацыянальнасці».
“1970-80-я гады былі часам масавай эміграцыі бабруйскіх габрэяў у Канаду, Ізраіль, Аўстралію, ЗША, Германію. Аднак ў 1988 годзе ўсё ж пачалося аднаўленне бабруйскай габрэйскай абшчыны: у кастрычніку таго года з’явілася таварыства аматараў яўрэйскай культуры. Пазней у горадзе адкрыліся дабрачынная арганізацыя «Хэсэль», сінагога. Некаторы час яўрэйская абшчына выпускала газету «Гешер»,”- з большым энтузіязмам распавядаў спадар Алег.
Тым часам надыходзіць ранні восеньскі прыцемак. І гісторыі гучаць таямніча, незвычайна. Я ўяўляю сябе вандроўнікам па цікавых месцах, далёкіх часах. Маё ўяўленне пераносіць мяне туды, пра што вядзе размову Алег Валер’евіч.
Напрыклад, да будынку гасцініцы «Бярэзіна і Еўрапейская» 1897 года пабудовы. Размяшчалася яна на рагу вуліц Альхоўская і Скобелеўская. Гэта быў першы каменны будынак у горадзе за межамі крэпасці. На першым паверсе фешэнэбельнага гатэля да 3 гадзін ночы працаваў гранд-рэстаран «Еўропа». Тут былі і ложы, і летні сад, і вінны склеп, і аркестр, і асобныя кабінеты, і цудоўная кухня, і більярд. І ўсё гэта па досыць даступных цэнах. Усё гэта рабіла «Еўропу» самым папулярным месцам у гараджан і прыезджых гасцей. Тут жа размяшчалася першая ў горадзе паштова-тэлеграфная кантора і турыстычнае агенцтва, якое прапаноўвала ўсім жадаючым унікальныя і на той час незвычайныя туры ў Афрыку, Амерыку і Канаду.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гасцініца «Бярэзіна і Еўрапейская» перастала існаваць. У пачатку 20-х гадоў тут размяшчаўся штаб Чангарскай кавалерыйскай дывізіі з 11-й коннай Арміі Будзёнага. Цяпер зразумела, адкуль назва вуліцы Чангарская.
Далей мы даведаліся, што пасля Вялікай Айчыннай вайны будынак стаў адной велізарнай камуналкай. У пачатку 1980-х гадоў з-за аварыйнага стану гасцініцы жыхароў адсялілі
З гісторыяй Бабруйска цесна звязана і гісторыя Пажарнага завулка. Горад на працягу многіх стагоддзяў падвяргаўся пажарам, часам, спусташальным. Некалькі разоў Бабруйск адбудоўваўся нанова.
Бабруйск таго часу ўяўляў сабой крэпасць і 4 прымыкаючых да яе фарштаты. Фарштаты былі забудаваны драўлянымі дамамі, паколькі будаваць каменныя дамы паблізу цытадэлі забаранялася. Штогод здараліся буйныя пажары з вялікім уронам для гараджан. Горад быў драўляным — і ў гарачае надвор’е і пры моцным ветры любы пажар быў вельмі небяспечны, агонь хутка перабіраўся на суседнія пабудовы.
Перад вялікімі пажарамі пажарныя таго часу былі бездапаможныя. З адным з такіх пажараў маладая пажарная каманда сутыкнулася ў 1854 годзе, калі пры моцным ветры запалаў адзін дом, агонь перакінуўся на суседнія дамы, пачаўся суцэльны пажар. Невялікая пажарная каманда і жыхары не змаглі справіцца з агнём, пажар знішчыў амаль палову горада.
У канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя пачалося бурнае развіццё капіталізму, будаваліся заводы і фабрыкі. У 1901 годзе ў Бабруйску было два дзясяткі заводаў і фабрык, функцыянавала чыгунка, пракладзеная ў 1873 годзе. Бабруйск станавіўся буйным прамысловым цэнтрам Мінскай губерні, аднак у пажарных адносінах ён быў гэтак жа безабаронны перад вогненнай стыхіяй, як і 50 гадоў таму. Меры па ўзмацненні пажарнай аховы гарадскія ўлады не прымалі. У 1901 годзе, магчыма, ад іскры паравоза, успыхнуў пажар у доме, размешчаным паблізу чыгункі. Агонь хутка распаўсюдзіўся на суседнія дамы, пачаў бушаваць страшны пажар, які знішчыў старую частку горада. Усяго згарэла 1500 дамоў. Згарэў і будынак, дзе размяшчалася пажарная каманда.
У 1903 годзе было распачата будаўніцтва новага цаглянага будынка пажарнага дэпо. Закладка новага будынка з’явілася значнай падзеяй у жыцці горада, да яе рыхтаваліся грунтоўна. Асвячэнне месца будаўніцтва (будавалася пажарнае дэпо ў раёне рынку ў завулку, названым Пажарны) адбывалася ўрачыста, пры вялікім збегу народа. Гэта было 15 ліпеня 1903 года.
Будавалі будынак на сродкі, сабраныя членамі добраахвотнага пажарнага таварыства і насельніцтва горада. Грошы давалі ўсе: як заможныя гараджане-фабрыканты, купцы, гандляры, банкіры, так і просты люд — па рублі, па капейцы. Будавалі хутка і дыхтоўна. Ужо ў 1904 годзе пажарная каманда засялілася ў новы будынак.
Характэрна тое, што будынак гэты за ўсё сваё жыццё ні разу не змяніў сваіх «жыхароў». Па сённяшні дзень тут размяшчаецца пажарная частка. У будынку намаганнямі супрацоўнікаў была створана мастацкая галерэя-музей.
Чым быў гэта будынак яшчэ? На другім паверсе наладзілі тэатр (арандатар Фрыдлянд). Пазней ён выкарыстоўваўся як канцэртная зала. Тутэйшыя сцены бачылі тагачасных знакамітасцяў.
З успамінаў старога акцёра: «Тэатральная зала была на другім паверсе, а на першым – стайня і памяшканне для бочак з вадой, пажарных помпаў. А над самай залай – пажарная каланча са званом і лабірынтам лесвіц».
“Калі б вы мелі шчасце нарадзіцца ў Бабруйску, вы б зразумелі, што такое Тэатр. А што такое Тэатр? Гэта ўсё, як у Жыцці, толькі ледзь-ледзь прыгажэй … Бабруйск жыць не мог без яркіх, шматколерных дэкарацый. Бабруйск любіў фарбаваць неба ў колер Мары, траву — у колер Любові, а дамы — у колер Надзеі. Насельніцтва горада складала непаўторная тэатральная трупа — балаголы і шаўцы, краўцы і медыкі, сталяры і цырульнікі, рамізнікі і краўцы, асенізатары і вар’яты …”- працытаваў спадар Алег урывак з кнігі Леаніда Коваля «Стогн».
Звонку гэты дом выглядае для Бабруйска цалкам звычайна: прыгожы двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Але варта толькі прайсці ў двор — і ты быццам апынаешся ў іншым стагоддзі, у іншым горадзе і нават, здаецца, сярод нейкіх іншых людзей. З усіх бакоў вакол — высокія сцены, нібы ты ўнутры вялізнага каменнага калодзежа, над галавой — чорны квадрат неба, і нават на гадзінах як быццам замерлі стрэлкі. Вы здагадаліся, аб якім месцы ідзе гаворка? Вядома, гэта самы загадкавы ў горадзе будынак з такой жа таямнічай назвай — Порт-Артур.
Па‑першае, адкуль такое незвычайнае імя? Тлумачаць гэта дзве легенды — выбірайце тую, што вам больш па душы. Першая легенда абвяшчае, што гэта — дом-крэпасць, названы так у гонар горада Порт-Артур. Будынак сапраўды пабудаваны па перыметры, утварае прастакутнік, а з унутранага панадворка ёсць два ўваходы-выхады, размешчаныя адзін насупраць аднаго. То бок, калі гэтыя «вароты» зачыніць, то дом і праўда ператворыцца ў непрыступную крэпасць. А ўзводзіўся ён падчас руска-японскай вайны, калі на слыху была абарона горада Порт-Артур.
Па другой легендзе, да рэвалюцыі ў доме быў прытон, які трымаў нехта па імені Артур –- не гэтак рамантычна, як хацелася б, але ўсякае магло быць…
Тут прадстаўнікі габрэйскай абшчыны праводзяць свае мерапрыемствы, а яшчэ гэта месца аблюбавалі маладыя, якія жадаюць правесці цікавую фотасесію. У габрэйскім дворыку ёсць пешаходныя дарожкі, клумбы, альтанка. На захаваных сценах будынка — карціны Ехіэля Афнера “Аб буднях і святах яўрэйскага жыцця”. Яшчэ тут ёсць свая “Сцяна Плачу”, куды людзі кладуць запіскі з просьбамі да Усявышняга. Раз на тыдзень іх забіраюць, і рабін пры зручным выпадку адвозіць іх да Сцяны Плачу ў Ерусаліме. Пакідаць свае запіскі з просьбамі могуць не толькі габрэі, а і ўсе жадаючыя. Дворык адкрыты кругласутачна. Плануецца, што ў будучыні тут з’явіцца музей, ну а мы плануем рухацца да наступнага, не менш цікавага месца.
Першапачаткова гэты будынак будаваўся пад Ешыбот — рэлігійную вучэльню, пакуль яго не зачынілі. У 1937-м бальшавікі адабралі будынак у іудзейскай абшчыны і пераабсталявалі яго пад ваенны склад. Пасля вайны ў ім размясцілася атэлье па пашыве адзення «Рамонак».
“Малітвы займаюць 3-4 гадзіны ў дзень, увесь астатні час у сінагозе праходзіць грамадскае жыццё, — кажа намеснік старшыні Бабруйскай габрэйскай абшчыны Алег Красны. — Сюды людзі прыходзяць з рознымі праблемамі, пытаннямі, пагутарыць з рабінам і паміж сабой. Тут вывучаюць Тору і іншыя святыя кнігі. У сінагозе працуе нядзельная школа для дзяцей, дзіцячая група дзённага знаходжання. Ёсць клас па вывучэнні іўрыту для дзяцей і дарослых. На святы тут збіраецца каля 300 чалавек. У сінагозе працуе сталовая, дзе рыхтуюць толькі кашэрную ежу. У бабруйскай сінагозе сёння захоўваецца шэсць скруткаў Торы, ні ў адной сінагозе Беларусі столькі няма. Лічыцца, што чым больш скруткаў, тым больш сінагога атрымлівае дабраславенне і тым больш увесь горад знаходзіцца пад заступніцтвам Усявышняга.”Зайсці ў сінагогу можа чалавек любога веравызнання, выконваючы пры гэтым адпаведныя правілы паводзін. Так, жанчына павінна прыкрыць валасы хусткай, берэтам, капялюшыкам або іншым галаўным уборам. У мужчын таксама павінна быць пакрыта галава. Падыдзе любы галаўны ўбор, але лепш за ўсё, калі ў вас ёсць габрэйскі стос. У сінагозе, як і ў любым іншым храме, нельга лаяцца, знаходзіцца ў стане нават лёгкага алкагольнага ап’янення, паліць і да т.п.
Цікава, што побач з цяперашняй сінагогай размешчаны будынак, які першапачаткова будава ўся як сінагога, але ўжо многія гады ў ім размяшчаецца спартыўны комплекс.
На скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Сацыялістычнай знаходзіцца скульптура Бабра, да якога мы трапілі нарэшце. Горад абзавеўся ёю ў 2006 годзе. Урачыстае адкрыццё адбылося 8 верасня, напярэдадні сельскагаспадарчага фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
Прынята лічыць, што помнік прыносіць матэрыяльны дабрабыт. Згодна з мясцовай легендай, калі пацерці ланцужок ад гадзінніку на бруху статуі або дакрануцца да яго носа або пярсцёнка, фінансавы поспех не прымусіць сябе чакаць.
Кожны турыст, які паважае сябе, а ўжо тым больш і жыхар горада, мае хаця б адну фатаграфію з бабром! Што? У вас яе да гэтага часу няма?! Я лічу, так справа не пойдзе… Бягом фатаграфавацца! Але я пакідаю інтрыгу: наведайце Бабра, зрабіце сваё фота з легендарным персанажам Бабруйска.
Як ужо згадвалася вышэй, распавесці вам аб усіх славутасцях Бабруйска з дапамогай аднаго эсэ будзе немагчыма, бо Бабруйск — не толькі прыгожы горад, але і ўдзельнік многіх значных гістарычных падзей.
Тэкст — гэта набор сказаў, звязаных па сэнсе, таму нескладана здагадацца, што звычайны тэкст ніколі не зможа перадаць атмасферу, якая пануе ў нейкім пэўным месцы, а ўжо тым больш, атмасферу цэлага горада!
Спадзяюся, з дапамогай нашай сумеснай экскурсіі вы змаглі лепей пазнаёміцца з Бабруйскам, і на адным знаёмстве Ваша з ім гісторыя не скончыцца!
Маргарыта МАТВІЁНАК