Сайт о жизни молодёжи г. Бобруйска

Адшукаць малую радзіму лёгка

Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,

Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны.

Пімен Панчанка

       Ёсць на карце Беларусі маленькая кропка – аграгарадок Леніна, які знаходзіцца ў Бабруйскім раёне. І тая маленькая, зусім непрыкметная кропачка ў вялікім свеце, родная, бо гэта наша малая радзіма.

       Настаўніцай мясцовай школы Відзічэнкавай Аленай Віктараўнай быў распрацаваны турыстычны  маршрут “Па сцежках малой радзімы”, мэта якога пазнаёміць нас, дапытлівых малодшых школьнікаў, з гісторыяй суседняй вёскі Ізюмава.

       На пачатку экскурсіі мая настаўніца паведаміла, што гэта вёска вядома з XIX стагоддзя пад назвай Дурынічы і звязана з лёсам прадстаўнікоў графскага рода Вялікага Княства Літоўскага Забэла. Апошнім уладаром маёнтка быў Шымон Эразм Забэла. Адзін з першых зямельных уладароў ён пачаў выкарыстоўваць у гаспадарцы тэхнічныя навінкі. Так, у 1888 годзе ў Дурынічах быў пабудаваны паравы млын, пазней – маслабойня, а каля 1900 года – крухмальны завод, які  працаваў амаль 100 гадоў.

       Наступным прыпынкам турыстычнага маршруту стала радавая каплічка на могілках, пабудаваная ў 1905-1907 гадах з каменю, а алтар —  з чорнага дубу. У каплічку нават быў прывезены з Прагі арган. Гэта ўнікальная пабудова як для нашых мясцін, так і для ўсёй краіны, з’яўляецца маўклівай сведкай жыцця і смерці.

       На жаль, у 60-х гадах мінулага стагоддзя каплічку сталі рабаваць “чорныя капальнікі”, відаць, шукалі багацце графскай сям’і. Помнік гісторыі і архітэктуры апынуўся ў жаласным стане. З дапамогай мясцовых жыхароў, прыхаджан рымска-каталіцкага касцёла Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі г. Бабруйска і Сычкаўскага сельсавета каплічка набыла былую прыгажосць. Такую каплічку і ўбачылі мы, разглядаючы векавыя сцены, ўнутраны стан каплічкі, прыслухоўваліся да журботнай цішыні і кожны нават думаў пра мінулае.

       Наш маршрут працягваўся і быў накіраваны на аграгарадок Леніна, дзе таксама захаваліся ўспаміны пра графа Шымона Забэлу. І зараз любімым месцам адпачынку мясцовых жыхароў і гасцей з’яўляецца парк. Гістарычныя дакументы сведчаць аб тым, што сам граф пасадзіў алеі каштанаў, акацый, кусты бэзу.

       Непадалёку ад мясцовага возера захаваліся рэшткі былога панскага падмурка. Старадаўнія камяні ўжо ўраслі ў зямлю. Сюды прыязджаюць людзі з розных гарадоў, краін, каб убачыць прыгажосць у звычайным, паслухаць паданне пра графа Забэлу і яго сям’ю.

       У Год малой радзімы надаецца асаблівае значэнне выхаванню любові да роднага краю. У гэты час вельмі важна даць магчымасць кожнаму зразумець для сябе, што значыць малая радзіма. Адшукаць малую радзіму лёгка. Трэба толькі адчыніць дзверы, выйсці на вуліцу…

Вучань 4 класа Станіслаў   КАЎГАНАЎ  

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

ПОДЕЛИТЬСЯ С ДРУЗЬЯМИ:

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ:
Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: