Сайт о жизни молодёжи г. Бобруйска

Жывапісец Эдуард Белагураў — гонар зямлі бабруйскай

У кожнага з нас ёсць куток зямлі, які асабліва дарагі сэрцу. Гэта месца, дзе ты нарадзіўся, вырас, жывеш і цяпер. І не важна: вялікі гэта горад ці маленькая вёсачка, галоўнае, што гэта самае роднае, любімае месца на вялікай планеце Зямля – твая малая радзіма. 

Чалавек фарміруецца як асоба дзякуючы грамадству, якое ажыццяўляе ўплыў на яго звычкі і паводзіны.Асоба чалавека фарміруецца пад дзеяннем розных падзей, якія адбываюцца ў грамадстве. Важна, што чалавек пакіне пасля сябе. Які ўклад ён унёс для сваёй малой радзімы.

Маёй малой радзімай з’яўляецца горад Бабруйск. Бабруйшчына – незвычайная зямля, на якой нарадзіліся цікавыя, таленавітыя людзі, сапраўдныя патрыёты Радзімы. Адным з такіх з’яўляецца Эдуард Белагураў.  Калі я вучылася ў шостым класе, мы праходзілі твор Уладзіміра Ліпскага “Ад роду – да народу”. Настаўніца прапанавала класу разгледзець рэпрадукцыю карціны нашага земляка Эдуарда Белагурава “Партрэт бацькоў”. Я вырашыла падрабязней пазнаёміцца з яго творчасцю.

Эдуард Белагураў – беларускі савецкі жывапісец. Ён нарадзіўся 27 лістапада 1947 года ў Бабруйску. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Пасля вярнуўся ў родны горад дзе працаваў адзін год настаўнікам чарчэння і малявання, а таксама мастаком-афарміцелем на заводзе гуматэхнічных вырабаў у Бабруйску. У 1968 годзе адбыўся творчы дэбют мастака, ён прымаў удзел у гарадской выставе бабруйскіхмастакоў.

Яго талент паступова развіваецца. Неабдымнае жаданне маляваць немагчыма стрымаць, ён адчуваў, што неабходна ўдасканальваць свае веды. Таму ў 1969 годзе Эдуард Белагураў пачынае вучобу ў беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на манументальна-дэкаратыўным аддзяленні ў Г. Х .Вашчанкі і М. В. Данцыга.

Эдуард Белагураў стварыў шэраг манументальных роспісаў. Бабруйчане, магчыма, не ведаюць, што, праходзячы ўздоўж будынка сярэдняй школы №1, яны сустракаюцца з манументальнай кампазіцыяй Эдуарда Белагурава.

Жывапісец стварыў роспісы ў памяшканні Бабруйскага таргова-эканамічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, актавай зале механіка-тэхналагічнага каледжа, працаваў над роспісамі ў Рагачове.

 

Шмат часу Эдуард Аляксеевіч працаваў у станковым жывапісе ў жанрах фігуратыўнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Кожны жанр быў па-свойму цікавы для мастака.

Цікавасць да партрэтнага жанру, менавіта да партрэта-карціны, – галоўнае ў творчасці Эдуарда Белагурава.

Дух патрыятызму і велізарная любоў да бацькоў заахвоцілі мастака напісаць выдатную карціну пад назвай “Партрэт бацькоў” (1978 год, карціна дэманстравалася на выставе савецкага выяўленчага мастацтва ў ФРГ).

Гэтае мастацкае палатно ўвасабляе сабой зямны паклон сына-мастака нягучнаму, цяжкаму лёсу бацькі і маці.

На палатне намаляваны не толькі самыя дарагія і блізкія мастаку людзі. Перад намі людзі, за плячыма якіх доўгае і складанае жыццё. Углядаючыся ў іх стомленыя твары, у працавітыя вузлаватыя пальцы рук, здаецца, чытаеш мудрую жыццёвую кнігу. Дзве пары падобных рук, якіх паядналі бясконцыя жыццёвыя праблемы, напісаны з бездакорнай вернасцю. Бо гэта вельмі значная дэталь у творы трымаецца менавіта на дакладнасці.

Пасля разгляду мастацкага палатна я адчула сябе шчаслівай, бо ў мяне ёсць бацькі. Я заўважыла. што любоў бацькоў бязмежная, яны гатовыя на ўсё, каб іх дзеці былі шчаслівыя. Трэба шанаваць, паважаць і клапаціцца пра сваіх бацькоў, дапамагаць ім у цяжкую хвіліну. Таму што ў будучым, як мы будзем ставіцца да іх, так і нашы дзеці будуць адносіцца да нас.

Мяне вельмі захапіла палатно “Хірургі” – дакументальная, абвострана рэальная карціна аб барацьбе за чалавечае жыццё. Адкінутая рука хворага просіць аб дапамозе. Халодны, металічны бляск хірургічных інструментаў, твары хірургаў сканцэнтраваны. Мастак дае магчымасць нам, гледачам, убачыць вялікую таямніцу – выратаванне жыцця.

Адзін з лепшых твораў мастака – “Дзеці вайны”, змешчаны ў падручніку па беларускай літаратуры для вучняў 5 класа.

Твор здзівіў мяне сваёй прастатой і небывалай прадуманасцю кожнай дэталі. Гэтая карціна прынесла аўтару вядомасць і дыплом Акадэміі мастацтваў СССР, з ім пазнаёміліся гледачы Францыі, Італіі. Твор назаўжды застаўся ў Маскве. Густы чорны дым без адзінай іскрынкі агню разрастаецца бязлітасным дрэвам смерці. Ні прызыўных жэстаў, ні слёз, ні. Прыгнечанае маўчанне. Пяць сірот на папялішчы, шостая лялька. На пецярых – адна кепка. На пецярых – адна хустка, завязаная на галаве самай маленькай дзяўчынкі па-жаночаму, быццам на ўдаве. Завостраныя ад голаду, холаду і адчаю твары.

Мяне ўразіла, як мастак намаляваў фігуры дзяцей – асабліва ўдаліся іх шматпакутныя асобы. І тут жа – сімвал страчанага шчаслівага дзяцінства: над галовамі дзяцей і зраненай белай птушкі ўзляцеў абгарэлы фотаздымак шчаслівай маці з дзіцем на руках.

Эдуард Аляксеевіч Белагураў быў сапраўдным мастаком, прафесіяналам сваёй справы. На выставах любога ўзроўню яго творы былі ў цэнтры ўвагі. Дзякуючы гэтаму, яго імя назаўсёды застанецца ў беларускім мастацтве, гэта ўносіць уклад у сваю малую радзіму.

17 мая 1998 года мастак памёр, пахаваны ў Бабруйску.

Гэта быў добры, сумленны, добразычлівы чалавек. Яму хапала сіл і часу быць клапатлівым сынам, бацькам, спагадлівым таварышам, ён ніколі нікога не падаўляў ні сваім талентам, ні аўтарытэтам, быў просты з сябрамі і знаёмымі.

Яго імя значыцца ў Беларускай энцыклапедыі і 6 томе “Гісторыі беларускага мастацтва”.

Я адчуваю гонар за свайго земляка.

Марыя КАПІТОНАВА.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

ПОДЕЛИТЬСЯ С ДРУЗЬЯМИ:

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ:

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: